Распечатано: 18.05.2012 07:10:52
http://ygallery.by/news/0004071/

Дзень нараджэння Беларускай філасофскай прасторыСнежань 28, 2011 | Галерэя «Ў»

Беларуская філасофская прастора запрашае на святкаванне сваёй другой гадавіны, якое адбудзецца ‪

28 снежня ў 19:00

у галерэі сучаснага мастацтва "Ў" (пр. Незалежнасці, 37а).

У праграме святкавання Дня нараджэння Беларускай філасофскай прасторы гасцей чакае маса сюрпрызаў. Мы разам прыгадаем нашыя дасягненні за гэты год: міжнародную канферэнцыю «Ян Патачка і ідэя Еўропы», выпуск электроннай версіі адзінага ў Беларусі часопіса левай крытыкі «ПРАСВЕТ», працу «Літаратурна-філасофскай кавярні», першы кінафестываль кароткаметражных беларускіх фільмаў One Short Film Fest, а таксама прэзентацыі кніг, гарачыя дыскусіі і прыемныя сустрэчы.

У гэтым годзе мы падтрымаем традыцыю ўрачыстага ўручэння «Освальдаў» (статуэтак працы Дзмітрыя Майбароды) і дыпломаў самым выбітным ўдзельнікам Беларускай філасофскай прасторы за 2011 год. Госці мерапрыемства даведаюцца, хто з удзельнікаў і сяброў Беларускай філасофскай прасторы здолеў зрабіць немагчымае магчымым, вынайшаў новы жанр у фатаграфіі – інтэлектуальны фотарэпартаж, прадэманстраваў, як арт-крытыка здольная тлумачыць сьвет, а мастацтва – змяняць яго, быў галоўным інжынерам і канструктарам года, адкрыў, што ў Беларусі ёсць сваё кіно, і хто аб'ядноўваў і каардынаваў агульныя намаганні!

Будзем рады бачыць вас!

Беларуская філасофская прастора (www.prastora.org) – супольнасць беларускіх інтэлектуалаў, для якіх філасофія – не проста прафесія, але і прызначэнне. Мы імкнемся насычаць культурнае поле Беларусі яркімі падзеямі, ствараць пляцоўкі для дыскусіі, падтрымліваць адукацыйныя праекты, раскрываць новыя гарызонты рэфлексіі на актуальныя сацыяльныя тэмы. Сярод нас – супрацоўнікі розных навучальных і навуковых інстытуцыяў – БДУ, ЕГУ, Інстытута філасофіі НАН Беларусі, МДЛУ, БДТУ, прадстаўнікі розных грамадскіх ініцыятыў.