Фотавыстава Надзеі Дзегцяровай ”ГЕАМЕТРЫЯ АДЗІНОТЫ”

ГЕАМЕТРЫЯ АДЗІНОТЫ
25 студзеня 2012 года ў 17.00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыецца фотавыстава члена творчага саюза “Фотамастацтва” і фотаклуба “Мінск” Надзеі Дзегцяровай.
Выстава стрыт-фатаграфіі “Геаметрыя адзіноты” – своеасаблівы філасофскі роздум аб стане чалавека ў тэхнапрасторы сучаснага горада. Эпіграфам да выставы сталі радкі Іосіфа Бродскага: “Одиночество есть человек в квадрате”.
Надзея Дзегцярова задаецца пытаннем: “Што можа выглядаць больш адзінокім, чым кропка на плоскасці?” І сама на гэта пытанне адказвае: “Хіба што сілуэт чалавека ў вялікім горадзе. У горадзе, што так падобны на мурашнік са шкла і бетона, дзе будынкі як клеткі з кратамі аконных пераплётаў. Горад – гэта прастора, сціснутая GPS-каардынатамі, ашчаціненая кар’ернымі вяршынямі, якія вабяць нас бляскам граней на чыіхсьці вушах і пальцах. Гэта вяршыні, якія нам давядзецца ўзяць, і куты, у якія мы забіваемся. Нас мільёны ў гэтым горадзе, і ён размежаваны для нас дзелавымі кантактамі, сферамі сувязяў па інтарэсах і адрасамі людзей, намёртва ўпісаных у нашу памяць. Мы рэдка каму рады за межамі гэтых рамак і прабягаем кожны дзень каля тысяч такіх, як мы, не заўважаючы, як святло малюе на халодных сценах праекцыі нашай адзіноты.”
Надзея Дзегцярова – удзельніца шматлікіх фотавыстаў і праектаў. Мае чатыры персанальныя выставы. У 2007 годзе заняла другое месца на конкурсе лічбавай фатаграфіі «Драйв», а ў 2008 годзе - першае месца на конкурсе “Мінскія фатаграфіі. Гараджане”. Атрымала гран-пры на конкурсе вэб-журналістыкі “YOUSMI MEDIA AWARDS’10”.
Выстава будзе працаваць з 25 студзеня па 11 лютага 2012 года.
Адрас: мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі); кант. тэл.: 227 - 26 - 12. Мы працуем: 11.00 – 19.00 Выхадныя: нядзеля, панядзелак. Уваход вольны.













