Распечатано: 18.05.2012 07:19:19
http://ygallery.by/news/0004176/

31 студзеня 2012 г., а 17 гадзіне, у вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выстаўки твораў Ганны Атаян (Львоў, Украіна) “Атрыбуты”.
“Свет, старанна створаны львоўскай мастачкай Ганнай Атаян, запамінаеш з першага позірку і пазней беспамылкова пазнаеш у стракатасці любой выстаўкі. Не толькі з-за пацешна-іранічна-трагікамічных герояў і меланхалічна-вытанчанага батыкавага каларыту. А ў першую чаргу – з-за дзіўнай дакладнасці, з якой мастачка “трапляе ў дзесятку” псіхалагічнага партрэта кожнага свайго персанажа і сюжэта. З дапамогай двух-трох дэталяў ёй удаецца “распавесці” цэлае жыццё. Усе гэтыя медытуючыя нацюрморты з гранатамі і каралямі, кранальныя фільдэперсавыя панчохі, “рогі багацця” з маніяй велічы, душэўныя халадзільнікі, дзіўныя вазы для садавіны чамусьці з гарністамі замест німф і наяд, заклапочана-сэксуальныя анёлы-русалкі з тварам Фрыды Кало, калекцыя ашаламляльных пінжакоў і інш... усё так выразна і дакладна, усё так “смачна знойдзена”, што мы тут жа выдаём аўтару безлімітны крэдыт даверу.
Акварэльная фактура размалёўкі па шоўку ідэальна супадае з ідэяй мастачкі: размыць мяжу паміж рэальным светам і творчай фантазіяй. Удалая стылізацыя пад найблізкае да нас рэтра 1930-х надае творам Атаян лірычную інтымнасць паштоўкі з сямейнага альбому. У той жа час іранічная гіпербалізацыя дазваляе ёй пазбегнуць банальнасці рэалізма, але утрымліваць рэальнасць у рамках вызначанай умоўнасці часу і прасторы таго, што адбылося. Дзякуючы беспамылковаму адчуванню і таленту бачыць “вялікае ў малым” Ганна знаходзіць менавіта той найбольш характэрны акцэнт, той пераканаўчы набор атрыбутаў, менавіта тую дакладную танальнасць, якія дазваляюць узнавіць “за кадрам” кожнага асобнага твора пэўны партрэт эпохі.” Наталля Касмалінская, мастацтвазнаўца (Львоў, Украіна).
Ганна Атаян
1967 – нарадзілася ў Львове.
1990 – скончыла Львоўскую Акадэмію мастацтваў, кафедра мастацкага шкла.
З 2000 – працуе ў тэхніцы жывапісу па шоўку і гарачым батыку. Працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Украіны і за мяжой.
Удзел у выстаўках:
2002 – “Дождж на палітры”. Кіеў.
2003 – “Велікодная маляванка”. Львоў.
2003-2005 – “Восеньскі салон”. Львоў.
2004-2005 – “Калядныя выстаўкі”.
2004 – “Маляўнічая Украіна”.
2004 – трыенале мастацкага тэкстылю.
2004 – Міжнародная выстаўка мінітэкстылю.
2007 – Выстаўка “Хтозна”, галерэя “Зялёная сафа”, Львоў.
2007 – Выстаўка “25 см. у квадраце”, галерэя “Зялёная сафа”, Львоў.
2007 – Арт-Кіеў 2007.
2008 – Выстаўка “Утаймаваць Эраса-2”, галерэя “Зялёная сафа”, Львоў.
2008 – Выстаўка “Б.О.А.”, галерэя “Зялёная сафа”, Львоў.
2008 – Арт-Кіеў 2008.
2011 – Выстаўка “Адлюстраванне ўражанняў”, галерэя “Зялёная сафа”, Львоў.
Выстава працягнецца па 11 лютага 2012 г.